АРХІЕПІСКАП ВАСІЛЬ (ТАМАШЧЫК)


Імя ад нараджэньня — Уладзімер Тамашчык, сын заможных сялян Данілы й Марыі (з Жанеўскіх), народжаны 15-га красавіка 1900 году ў вёсцы Вялікія Азяраны, Горадзенскага павету. У гэтым-жа павеце на Горадзеншчыне пражыў да 1915 году, і там атрымаў пачаткавую асьвету й пачаў далейшую навуку.
У часе Першае Сусьветнае вайны ўся сям'я Тамашчыкаў змушаная была падацца ў глыб Расеі й апынулася ў Омску, на Сібіры. Там Уладзімер закончыў сярэднюю асьвету. У 1921 годзе сям'я вярнулася на Бацькаўшчыну асірочанай; памер у Омску бацька Даніла.
Жывучы пад Полыпчай, Уладзімер, ня глядзя на цяжкую працу на разбуранай гаспадарцы, знаходзіў час для працы нацыянальнай і далучыўся да змаганьня за волю свайго прыгнечанага народу. За гэта быў суджаны ў польскім судзе й зьняволены з 1927 па 1930 год.
Прагнучы здабыць вышэйшую асьвету Уладзімер Тамашчык у 1930 годзе выехаў у Прагу Чэскую. Там студыяваў агранамічныя й біялягічныя навукі, і ў 1934 атрымаў дыплём інжынера-агранома. Да 1941-га году жыў і працаваў у Празе, і ў той-жа час быў актыўным працаўніком грамадзкім, сярод лічнага беларускага грамадзтва у Празе.
Часы нямецкае акупацыі ў Другую Сусьветную вайну перажыў на Бацькаўшчыне, і пры канцы вайны эміграваў на Захад, як і шмат уцекачоў Беларусаў ад бальшавіцкага тэрору, і затрымаўся ў Нямеччыне.
Пераломным мамэнтам у жыцьці Уладзімера Тамашчыка быў час, калі Епіскапы Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, якія таксама былі на эміграцыі й часова спыніліся ў Нямеччыне, здрадзілі сваёй Царкве. Маючы прарасейскае настаўленьне, яны пакінулі сваю Царкву й перайшлі да Расейскай Зарубежнай Царквы. Учынак гэты зрабіў цяжкое ўражаньне на асірочаных вернікаў БАПЦарквы. Былі ўчыненыя захады каб знайсьці Епіекапа, які ачоліў-бы асірочаную Царкву. Такім Епіскапам стаўся Епіскап Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Уладыка Сяргей. У гэты-ж час і Ўладзімер Тамашчык прыняў пастанову прысьвяціцца на Службу Богу й свайму народу. I з гэтай мэтай падаўся на Украінскую Багаслоўскую Акадэмію ў Мюнхене.
Прайшоўшы ў прысьпешаным парадку царкоўныя духоўныя ступені, ужо ў сане Архімандрыта, прыняў нарачэньне ў Епіскапа і 19-га сьнежня 1949-га году быў хіратанізаваны зь імём Васіля. Хіратонію правялі Епіскапы Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы ў Беларускае Царкве Сьв. Мікалая, у месьце Розэнгайме ў Баварыі.
3 хіратоніяй архімандрыта Васіля ў Епіскапа сталася адраджэньне Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы зь Епіскапамі Сяргеем і Васілём.
Пад канец 1940-х гадоў і ў пачатку 1950-х пачаўся масовы разьезд эмігрантаў з Нямеччыны пераважна ў ЗША і ў Аўстралію. На Саборы Епіскапаў БАПЦарквы было пастаноўлена, што Архіепіскап Сяргей ачоліць Епархію ў Аўстраліі, а Епіскап Васіль возьме пад сваю апеку вернікаў БАПЦарквы ў ЗША, Канадзе й Эўропе. Закончыўшы студыі ў Багаслоўскай Акадэміі з дыплёмам магістра Багасловіі, Уладыка Васіль у 1951 годзе пераехаў у ЗША ў Нью Ёрк, які стаўся цэнтрам Епархіі на ЗША, Канаду й Эўропу.
На мясцох сталага пасяленьня Беларусаў пачалі ўтварацца парафіі БАПЦарквы — у Аўстраліі, ЗША, Канадзе, Ангелышчыне, Бэльгіі. Пры парафіях адчыняліся беларускія школкі. У царкоўных будынках пераважна канцэнтравалася й грамадзкае жыцьцё й праца. Уладыка Васіль, апрача царкоўнай, рэлігійнай працы, заўсёды прымаў удзел у грамадзкай дзейнасьці.
Памёр Уладыка Васіль 6 чэрвеня 1970 г. і 17 чырвеня пры вялікм зьездзе вернікаў, быў праводжаны на месца супакаеньня на Беларускім Магільніку ў Іст Брансвіку, у штаце Нью Джэрзі. Пахавальныя Службы адправілі і ў астатнюю падарож праводзілі — Епіскапы Андрэй і Мікалай, іерэй а. Віктар, дыяканы: а. а. Калістрат, Карп і Міхаіл.
Пад канец свайго жыцьця Архіепіскап Васіль шмат увагі аддаваў знаёмству з філясофіяй. Катэгарычна адкідаючы тэорыю Дарвіна аб паходжаньні чалавека ды іншыя матэрыялістычныя тэорыі, імкнуўся пазнаваць праблемы быцьця, праўды, справядлівасьці, схіляўся да ідэялістычных тэорый. У Яго разуменьні запраўднасьць, рэальнасьць мае духовы зьмест, а не матарыяльны. Абсалютнай рэальнасьцю ёсьць толькі Бог.
Значэньне Царквы ў жыцьці чалавека выказаў у сваіх рукапісных запісах.
„Бог стварыў чалавека подля вобразу й падабенства Свайго: даў яму дух-розум ды свабоду, каб чалавек адчуваў сябе блізкім, родным Яму, ды імкнуўся да Яго, падзяляў радасьць Ягоную; даў яму несьмяротную душу, каб яна перажыла плады таго, што зрабіла на зямлі ў целе. На вялікі жаль, чалавек пачаў жыць пераважна целам, стаўся эгаістычным, напоўніўся гардыняй, зайздрасьцю, зманным самаўзьвялічэньнем, — на душу, на сваё прызначэньне забыўся; і мы пажынаем цяпер плады гэтага фальшывага шляху. Душа нашая ў глыбінях сваіх бунтуецца супраць гэтага, стогне, плача, але выхаду ня мае, ня бачыць. Дзеля гэтага нашыя велізарныя духовыя магчымасьці засыпаныя, заваленыя, вызваліцца ня могуць, бо ня маюць магчымасьці. Царква, рэлігія ды Вера ў Бога або зьневажаюцца, або ігнаруюцца, або й забараняюцца. Як-жа могуць праявіцца сілы нашага Боскага духу? Каб яны праявіліся, неабходна каб было чаму праявіцца! Неабходна, каб яны былі стала, ад малога, у стадыі росту, дасьпяваньня праз належную навуку ў школе, бо як цела расьце, так і сілы духовыя растуць, цьвітуць, дасьпяваюць, і тады ўжо могуць дзеяць. Але, як для іншых навукаў патрэбны час, так ён патрэбен і для навукаў духовых. Малое дзіця часта робіцца або добрым або злым чалавекам. Вось-жа, каб яно сталася добрым, разумным, багатым духам чалавекам, неабходна даць яму гэтыя магчымасьці, памагчы. А хто тут можа памагчы? Царква й дзяржава, і ў першую чаргу Царква...
„Няма на сьвеце ніводнае свабоднае дзяржавы без свае базы духовае незалежнасьці: без свае Сьвятое Царквы, бо яна душа народу й дзяржавы. Вось-жа Царква мусіць быць першым і найбольшым дабром дзяржавы! Бо толькі Царква можа даць дзяржаве добрых, карысных грамадзян; толькі Царква можа чалавека ўзбагаціць ды навучыць яго належна выкарыстоўваць гэтыя багацьці, а яны бязьмежныя. Чалавек цяпер не выкарыстоўвае ані дзясятай долі сваіх духовых магчымасьцяў, бо амаль нічога ня ведае аб іх".
„О, Божа міласэрны, бясконца добры! Праяві Ласку Тваю да нас: дазволь нашай Сьвятой Царкве стацца такою Царквою Тваею, а нашай Беларусі такою Дзяржаваю, якія будуць у поўнай гармоніі з Табою, каб Сіла Духа Твайго Сьвятога зазьзяла праз наш людзкі дух".
 

Паводле часопісу "Голас Царквы"  № 32 1970 г.

БЕЛ     ENG