|
|
МІТРАПАЛІТ ІЗЯСЛАЎ БРУЦКІ

Гісторыю народаў стварае дзяржаўная мудрасьць, палітычная спраўнасьць, а
часам і вычуцьцё пары на наважныя дзеі ды гераізм іхных сьвецкіх
павадыроў.
Гісторыю краёвых праваслаўных цэркваў, што цесна павязаная з
нацьшнальнымі гісторыямі, твораць людзі, якія, апрача якасьцяў
палітычных павадыроў, маюць духовую сілу адрачыся ад сьвецкага жыцьця ды
нязломна цярпець нястачы, а часам яшчэ й паніжэньні ды абразы за іхную
верную службу Богу, Царкве й свайму народу.
Да гэткіх людзей, якімі былі нашыя архіпастыры й пастыры, што будавалі й
баранілі аўтакефалію Беларускае Праваслаўнае Царквы, ды за гэта цярпелі
прасьледы нятолькі ад ворагаў, але й ад сваіх неразумных ды
падбухтораных ворагамі суродзічаў належыць таксама й Мітрапаліт Ізяслаў
Бруцкі.
Я.М. Мітрапаліт Ізяслаў, у сьвеце Іван Бруцкі, нарадзіўся 22-га студзеня
1926-га году ў сяле Белавуша, цяпер Столінскага раёну, Берасьцейскае
вобласьці, а тады пад Польшчай, у сялянскай сям’і Данілы й Марыі
Бруцкіх-Стэмпкоўскіх. Іван быў трэйцім сынам у сям’і, а пасьля яго яшчэ
прыйшлі на сьвет дзьве сястры й адзін брат, які памёр яшчэ зусім малым.
У бацькоў была прыблізна 25-ці гэктаравая гаспадарка, якую яны ўмела й
дбайліва апрацоўвалі, а сам бацька ўзімку яшчэ падзарабляў вывазкай лесу.
За ягоную гаспадарнасьць і пісьменнасьць Іванаў бацька карыстаўся ў сяле
агульнай павагай, дзеля якое й быў выбраны на солтыса, ды валаснога
радніка.
Іван, тымчасам, з 1933-га году пачаў хадзіць у польскую пачаткавую школу,
6-тую клясу якое скончыў увесну 1939-га году. Побач з навукай у польскай
школе, пабожныя й актыўныя ў жыцьці мяйсцовае праваслаўнае парахвіі,
Іванавыя бацькі вучылі яго й кірылічнае граматы, каб умеў чытаць гадзіны
(часы) й памагаць у адправах.
Увосень 1939-га году Заходнюю Беларусь зайняў Савецкі Саюз і для Бруцкіх
ранейшае нялёгкае жыцьцё пад польскім займом неўзабаве абярнулася ў
трывожнае ды небясьпечнае існаваньне пад савецкай уладай, бо на пачатку
лета 1940 г. бацька быў арыштаваны й, пасьля 10-ці месячнага
зьняволеньня ў турме, вывязены ў Казахстан, чаго чакала й рэшта сям’і.
Не зважаючы на гэтую пагрозу Іван, усё-ж, пайшоў у пераарганізаваную на
савецкі лад школу, дзе й вучыўся аж да пачатку нямецка-савецкае вайны ў
1941-м годзе.
Насталая пасьля пачатку гэтае вайны нямецкая акупацыя ня прынясла сям’і
Бруцкіх жаданага спакою, 6о да цяжкасьці здабываньня хлеба без гаспадара
ў хацс, неўзабаве далучылася яшчэ й небясьпека расправы, як ізь сям’ёю "ворага
народу", з боку савецкіх партызанаў. Да таго яшчэ акупацыйны рэжым у
Райхскамісарыяце Украіны, да якога тады было далучанае Палесьсе, не
схацеў адчыняць школы, а моладзь, што падрастала, стаў раз-за-разам
забіраць на работу ў Нямеччыне.
У адзін з гэтых набораў трапіў у канцы травеня 1943-га году й
сямнаццацігадовы Іван Бруцкі ды ў выніку апынуўся ў "остарбайтарскім"
лягеры ў Фленсбургу, каля мяжы з Даніяй. Папрацаваўшы коратка на фабрыцы,
покуль яе не разьбілі амэрыканскія бамбавікі, ён быў узяты на паправу
рэйкавых усьцілаў на чыгунцы, дзе й працавау да капітуляцыі Нямеччыны.
Калі скончылася вайна Іван наважыў ня ехаць дамоў на ўзнава акупаваную
саветамі зямлю, а застацца за мяжою й з гэтае прычыны мусеў колькі
месяцаў хавацца ад прымусовае рэпатрыяцыі ў Савецкі Саюз.
Як адно вывазы на ўсход прыціхлі й пачалі арганізавацца ўцякацкія
асяродкі, а ў іх культурнае й асьветнае жыцьцё, Іван, даведаўшыся, што ў
украінскім лягеры ў Гановэры адчыняецца гімназыя, адразу падаўся туды на
навуку. У гімназыі быў прыйняты на матуральны курс, які скончыў з
атэстатам сьпеласьці навесну 1947-га году.
Імкнучыся да вышэйшае асьветы, а ня маючы матарыяльных магчымасьцяў
здабываць яе ў Нямеччыне, Іван улетку 1947-га году выехаў у Канаду, дзе
напачатку каля году працаваў на высяку лесу ў правінцыі Антарыё.
Адпрацаваўшы тэрмін кантракту, у 1948-м годзе ён пераехаў у Вініпэг у
цэнтры Канады, дзе знайшліся людзі з роднага сяла, што выяхалі з Краю
яшчэ перад вайною.
Там, сьпярша працаваў на фабрыцы, але жаданьне здабыць вышэйшую асьвету
не пакідала яго й таму, падвучыўшыся ангельскае мовы, ён пайшоў на
падрыхтоўчы ўнівэрсытэцкі курс і ўжо ўвосені 1949 году пачаў студыі
будаўное інжынерыі на Манітобскім унівэрсытэце, зарабляючы на жыцьцё на
часовых і летніх работах.
На пачатку 1949-га году Іван, пасьля амаль 9-ці гадовае разлукі, меў
радасьць сустрэцца з бацькам, якому пашчасьціла вырвацца з польскай
арміяй Андэрса йз Савецкага Саюзу й апынуцца да канца вайны зь сем’ямі
вайскоўцаў ажно ў Уганьдзе, што ўва Усходняй Афрыцы, ды ўрэшт на сынавае
патрабаваньне пераехаць у Канаду.
У 1954-м годзе Іван Бруцкі завяршыў унівэрсытэцкія студыі здабыцьцём
інжынерскае ступені й пачаў працаваць у дарожным адзьдзеле правінцыі
Антарыё. У гэтай правінцыі, улучаючы й ейную сталіцу Таронта, зьмяняючы,
дзеля лепшага заработку колькі разоў мейсцы працы, ён працаваў ажно да
1962-га году.
Не адныя, аднак, заробкі цікавілі маладога інжынера, больш яшчэ яго
цягнула да беларускае нацыянальнае працы, актыўным удзельнікам якое ў
грамадзкай арганізацыі й у мяйсцовай Таронцкай парахвіі БАПЦ ён
неўзабаве становіцца. Працуючы ў Таронта ў 1957-м годзе ён нават быў
старшынём Згуртаваньня Беларусаў Канады.
Улетку 1962-га году Івану ўдалося легальна эміграваць у ЗША й атрымаць
працу ў Дэтройце.
I тут, апрача прафэсыянальнага зайнятку, ён шмат часу прысьвячаў
беларускім справам, два гады займаючы становішча старшыні адзьдзелу
Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) ды бяручы ўдзел у
дзейнасьці Камітэту Паняволеных Народаў і этнічнае групы рэспубліканскае
партыі.
Разьвіцьцё эканомікі штату Каліфорнія, што пачынаюмы йз 60-х гадоў
прыцягнула туды мільёны амэрыканцаў, заахвоціла й інжынера Бруцкага
падацца туды ды знайсьці працу ў Лос Анджэлэс. Там ён узноў адразу
ўлучыўся ў беларускае грамадзкае жыцьцё, чатыры гады выконваючы абавязкі
старшыні мяйсцовага адзьдзелу БАЗА ды ўэноў займаючыся дзейнасьцяй у
Камітэце Паняволеных Народаў і ў рэспубліканскай партыі.
У 1969-м годзе яго сустрэла цяжкое перажываньне, бо давялося назаўсёды
разьвітацца з бацькам, які пасьля 29-ці год разлукі больш ня мог
стрываць тугі па сям’і й роднай зямлі, ды вярнуўся на Беларусь.
Беларускае грамадзкае жыцьцё ў Каліфорніі, у якім браў актыўны ўдзел
Іван Бруцкі, дзеля малое колькасьці аселых там беларусаў, не давала,
аднак, магчымасьці стварыць сталы асяродак, дзе гуртавалася-6
арганізацыйная ды царкоўная дзейнасьць.
Тымчасам гэткі асяродак існаваў і спорна разьвіваўся ў Кліўлэньдзе, што
ў штаце Огаё, дык туды ў канцы 1969-га году Іван Бруцкі й пераехаў.
Гэтта ён праз два гады быў старшынём Парахвіяльнае Рады Царквы Жыраўскае
Іконы Божае Маці БАПЦ і з гэтае пары пачынаецца ягоная царкоўная
дзейнасьць.
Вясною 1971-га году ў ягоным жыцьці здараецца рэдкая радасьць, 6о,
паехаўшы ў Польшчу, сустракаецца з маці й з братам ды сёстрамі, якіх ня
бачыў 28 год, а якім пашанцавала тады атрымаць дазвол на адвед за мяжою.
У гэтым самым годзе ён варочаецца ў Дэтройт, дзе ўжо была заснаваная й
набыла свой будынак парахвія БАПЦ і дзе, апрача ранейшых абавязкаў у
БАЗА й вонкавай рэпрэзэнтацыі беларускае грамады ўлучыўся таксама і у
жыцьцё мяйсцовае парахвіі, ды БАПЦ наагул. Дзейны ягоны ўдзел у
парахвіяльным жыцьці ён выяўляў на становішчах старшыні Парахвіяльнае
Рады, ейнага скарбніка й сакратара, ды нават дзяка пры адправе Божых
Службаў. Быў таксама абраны на сябра Рады
БАПЦ і дэлегата на Сабор БАПЦ у 1972-м годзе, што адбыўся ў Гайлэнд
Парку.
Актыўны ўдзел у царкоўным жыцьці ўзбудзіў у душы інжынера Бруцкага
моцную цягу да вышэйшых духовых вартасьцяў і да службы Богу, ды
Бацькаўшчыне ў ролі духаўніка, да чаго ён адразу й пачаў рыхтавацца.
Ягоная гатовасьць прысьвяціць сябе на службу Божай Справе між свайго
Народу сустрэла падтрыманьне з боку сьв. пам. Мітрапаліта Андрэя й 29-га
красавіка 1979-га году Іван Бруцкі быў усьвячаны на дыякана, а 26-га
жнівеня таго-ж году Архіяпіскапам Мікалаям на сьвятара.
Дбайны праз далейшае існаваньне БАПЦ і памятны на ягоны паважны век сьв.
пам. Мітрапаліт Андрэй імкнуўся якнайхутчэй павялічыць колькасьць
япіскапаў.
Паводле агульнае адукацыі сьвятар Ян Бруцкі на гэтае становішча быў
адпаведны, не хапала яму адно фармальнае духоўнае асьветы. Матарыяльна,
аднак, дазволіць на гэткую асьвету сьвятар БАПЦ мог толькі ў Украінскай
Праваслаўнай Сэмінарыі ў Баўнд Бруку, што ў Нью Джэрсы, калі, пры гэтым.
ягоныя мінімальныя патрэбы былі-б забясьпечаныя недалёкай парахвіяй БАПЦ
у Гайлэмд Парку, куды Мітрапаліт Андрэй айца Бруцкага й прызначыў.
Да гэтае думкі даходзіла яшчэ й спадзяваньне, што падтрыманы
зарганізаваным грамадзтвам беларускі япіскап, знаходзячыся ў цэнтры
эміграцыйнае нацыянальнае дэейнасьці, зможа зрабіць на карысьць
Беларускае Справы ня менш, як гэта робяць у ЗША япіскапы шшых народаў.
Выглядала, што гэткая лёгіка была-б зразумелая й кожнаму беларускаму
патрыёту.
Нажаль, лёгіка ў думаньні й дзеяньні беларускае эміграцыі й ейных
дзеячаў у асаблівасьці, найчасьцей роўная розуму беларускіх выбаршчыкаў,
што галасавалі "за" на Лукашэнкаўскім рэфэрэндуме, ды якіх, зь вялікай
сьвятасьцяй на языку, ганіць ці адзін наш краянін за мяжою.
Разумеючы варожую натхнёнасьць узьнятых перашкодаў сьв. пам. Мітрапаліт
Андрэй ад ягонае мэты не адступіўся й дзякуючы прыязьні, ды дапамозе
Украінскае Праваслаўнае Царквы ў ЗША 22 лютага 1981-га году ў
Царкве-Помніку Сьв. Ап. Андрэя Першпакліканага, што ў Баўнд Бруку, Н. Дж.,
а. архімандрыт Ян Бруцкі Мітрапалітам УПЦ Мсьціславам (пазьнейшым першым
Кіяўскім Патрыярхам), архіяпіскапам УПЦ Арэстам ды Мітрапалітам БАПЦ
Андрэям быў хіратанізаваны ў япіскапскую годнасьць з манаскім імём
Ізяслаў.

22 лютага 1981 г.Хіратанізацыя архімандрыта Ян Бруцкага (2-гі справа).
Пасьля гэтае радаснае падзеі чакала яго, нажаль, не спакойная й з таго
шчодрая на плод праца на царкоўнай ніве, а прыкрае й зморнае змаганьне
за кананічнае існаваньне БАПЦ ды нутраную ў ёй законнасьць і парадак.
Не спалохала ды не зманула яно таксама й вернае пабожным мэтам і
правілам БАПЦ, а не палітыканскім штукарствам, духавенства, што зь
іхнымі вернікамі засталося сьпярша пры Мітрапаліце Андрэю, а пасьля
ягонае сьмерці ў травені 1983-га году, пры выбраным у травені 1984-га
году на чарговым III-м Саборы БАПЦ у Манчэстары, што ў Англіі, на
мітрапалічы пасад архіяпіскапе Ізяславе.
I ён гэты ўскладзены на яго давер, ня гледзячы на няспынны варожы наступ
і перашкоды, ды матэрыяльныя цяжкасьці, з чэсьцяй выпраўдаў.
За час ягонае япіскапскае службы й побыту на мітрапалічым пасадзе Я.М.
Мітрапаліт Ізяслаў тры разы наведваў парахвіі БАПЦ у Англіі й гэтулькі-ж
разоў парахвіі ў Аўстраліі, а паміж візытамі трымаў і дасюль трымае зь
імі сталую лучнасьць.
У 1990-м годзе ён старшынстваваў на скліканым у Брукліне ІV-м Саборы
БАПЦ, увесь час, дзе магчыма, утрымоўваў і ўтрымоўвае лучнасьць зь
іншымі Праваслаўнымі Цэрквамі, ды няспынна рэпрэзэнтуе й заступаецца за
беларускія інтарэсы перад амэрыканскімі ўладамі.
Ад пачатку ягонае службы на мітрапалічым пасадзе й да сёньня ён
клапоціцца, каб голас БАПЦ даходзіў да ейных вернікаў у сьвеце й да
праваслаўных беларусаў на Бацькаўшчыне друкам і наказным словам.
Горка й крыўдна робіцца, здумваючы, колькі болей гэты добры пастыр
мог-бы яшчэ асягнуць, калі-б былі на гэта лепшыя матарыяльныя
магчымасьці й, калі-б тыя, што высунуліся на чало беларускае эміграцыі й
адраджэнскага руху ў нашым Краі, замест працаваць на шкоду роднай
Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнаё Царкве, сталі побач зь ім да
згоднае й плоднае працы на Божую славу й карысьць нашае Бацькаўшчыны.
Будзь, ці ня будзь гэткае супрацоўніцтва, зь мінулага дазнаньня ведама,
што Я.М. Мітрапаліт Ізяслаў з гонарам ягоныя абавязкі, як выконваў,
гэтак і будзе выконваць, ды, як зрабіў ужо шмат дабра, гэтак яшчэ больш
зробіць на прыбытак Божай Справе й усім нам любай Беларусі.
Дык падзякуйма яму за ягоныя асягненьні ды пажадайма, каб яшчэ праз шмат
год жыцьця ў добрым здароўі ды заслужанай пашане ён гэтыя асягненьні
памнажаў.
Іс полла эті Дэспота, Дарагі Уладыка Мітрапаліт!
Я. Сурынец
|
|